СІ́ПАВІЦКІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 300 м на ПдЗ ад в. Сіпавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун шэрага дробназярністага граніту кіроўнага тыпу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 10,9 м, аб’ём 7,8 м³, маса каля 20,7 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з У Швецыі. Мае прасападобную форму, на верхняй пляцоўцы захавалася паўсферычная выемка (дыяметр 5 см, глыб. 3 см) з адшліфаванымі сценкамі. Ямка зроблена чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці валун меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)